Сумесь спартыўнага азарту, таленту і сяброўства панавала ў мінулую пятніцу ў Ровенскай Слабадзе. Аграгарадок сапраўды зрабіўся спартыўным і культурным цэнтрам раёна. Тут праводзіліся заключныя гульні раённай спартакіяды і раённага конкурсу мастацкай самадзейнасці.
Сапраўды горача было на валейбольнай пляцоўцы ў спортзале Ровенскаслабадской школы. Тут за першынство спрачаліся каманды некалькіх сельсаветаў раёна. І азарт быў такі, што нават тыя, хто амаль нічога не разумеее ў валейболе, затаіўшы дыханне, назіралі за ходам сустрэч. Асабліва калі ў фінальнай гульні паміж камандамі Перасвятоўскага і Новабарсуцкага сельсаветаў да выйгрышу некалькі разоў не хапала аднаго ачка. Не спакушаныя валейболам балельшчыцы ў калідоры голасна аб'яўлялі тым, каму не было бачна таго, што рабілася ў зале: “Зялёныя выйграюць!”, а праз хвіліну-другую: “Белыя выйшлі наперад!” У выніку ў валейбольным турніры пераможцам па праву зрабілася каманда з Перасвятога. Але ж перасвятоўскія хлопцы на чале з капітанам каманды старшынёй сельвыканкама В.І. Марозам так разгуляліся, што яшчэ пратрымалі ў вялікай напрузе і каманду райвыканкама, якая вырашыла згуляць з пераможцам турніру.

А ў гэты час на другім паверсе школы кіпелі не меньш напружаныя баталіі. Тут за першынство спрачаліся аматары настольнага тэніса, дартса і шахмат. У выніку пераможцам сярод жанчын у шахматным турніры стала Ганна Вайтовіч з Новабарсуцкага сельсавета. У мужчынскім шахматным першынстве першае месца дасталося Віктару Гусакову з Перасвятоўскага сельсавета. У настольным тэнісе сярод жанчын першынство засталося за Кацярынай Казак з усё таго ж Перасвятога, а ў такім жа турніры сярод мужчын перамог Мікалай Матарас з Новага Барсука. Прадстаўнік Новабарсуцкага сельсавета Анатоль Мецель выйшаў на першае месца і ў спаборніцтвах па дартсе.

Нежартоўныя спартыўныя спрэчкі разгарнуліся ў захапляльнай сямейнай эстафеце “Маці, тата, я – спартыўная сям’я”. Удзельнікі, а гэта цэлыя сем’і з розных вёсак раёна, “збіралі” іправізаваныя грыбы, пераганялі мячы і выконвалі яшчэ шмат розных цікавых практыкаванняў. Вынікам стала заслужаная перамога сям’і Матарас з Новага Барсука. На другім месцы тут замацавалася сям’я Тарасенак з Караваціцкага сельсавета, на ганаровым трэцім месцы – сям’я Роса з Перасвятога.
Пакуль школа гула спартыўным азартам, у Ровенска-слабадскім Цэнтры культуры і дасуга здзіўлялі сваім талентам гледачоў удзельнікі агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці. Літаральна зачараваў слухачоў сваім голасам Аляксандр Кавалевіч з Ровенскай Слабады. Не пакінулі абыякавымі і выступленні ансамбля “Вечарынка” з Вышаміра і “Натхненне” з Ровенскай Слабады. Вынікам стала ўзнагароджанне дыпломам першай ступені самадзейных артыстаў з Ровенскаслабадскога ЦКД (дырэктар Т.В. Янкавец). Дыплома другой ступені увартаваныя самадзейныя выканаўцы з Вышамірскага ЦКД пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Л.В. Шалыпы, трэцяе месца прысуджана артыстам Караваціцкага дома нороднай творчасці (дырэктар З.І. Ярац).

Яркае веснавое сонейка, якое ўвесь дзень таксама садзейнічала стварэнню сапраўды святочнага настрою ва ўсіх гасцей і жыхароў Ровенскай Слабады, ужо, нібы стаміўшыся ад убачанага, сыйшло за верхавіны елак, што растуць на галоўнай плошчы аграгарадка, а ў Цэнтры культуры і дасуга толькі пачыналася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў усіх мерапрыемстваў свята. Кожны, хто выйшаў на прызавыя месцы, атрымаў дыпломы, а сем’і – яшчэ і карысныя падарункі ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў раёна. А потым усе ўдзельнікі і госці спартыўна-культурнага свята сталі сведкамі грандыёзнага гала-канцэрта самадзейных выканаўцаў раёна. Тут зноў здзівілі сваім талентам Аляксандр Кавалевіч з Ровенскай Слабады, Анастасія Змушка і Вольга Прымак з Зарэчча, Алена Забіран з Перавалокі, Зінаіда Ярац з Караваціч, ансамбль “Вечарынка” з Вышаміра і многія іншыя.

Сярод гасцей свята ў Ровенскай Слабадзе была і старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў М.А. Бондар. Яна не хавала сваіх эмоцый і на спартыўнай пляцоўцы, дзе падчас валейбольнай гульні каманды райвыканкама і Перасвятоўскага сельсавета шчыра падтрымлівала бела-чырвоныя колеры перасвятоўскай каманды, і ў глядацкай зале канцэрта самадзейных артыстаў. А пасля заканчэння мерапрыемстваў у інтэрв’ю нашай газеце Марыя Андрэеўна адзначыла: “Калі б і хацеў нехта ўбачыць у гэтай рабоце, якая праводзіцца ў Рэчыцкім раёне з насельніцтвам, нейкі фармалізм, дык гэта практычна немагчыма. Мы бачым, што сабраць каманду і выйграць за адзін дзень нельга. Тут прасочваецца сістэмная работа з сельскім насельніцтвам. І заўважальна, што ў гэтай рабоце ўлады заўсёды побач з людзьмі. Вось вам рэальнае ўвасабленне лозунга “Улада – для народа”. Не меньш важным з’яўляецца і той факт, што сёння ў вас у адным шэрагу стаяць кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і старшыні сельсаветаў, што яны разам і ў праблемах, і ў падобных святах. Я магу з упэўненасцю сказаць, што сёння ўбачыла ўзор працы, які варта пераймаць!”
І сапраўды, цудоўны настрой, зарад здароўя і самыя лепшыя эмоцыі – гэта тое, што атрымалі на свяце ў Ровенскай Слабадзе ўсе без выключэння.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара






















"Дняпровец"