Амерыканскія валанцёры ў Маканавічах » Речица.BY - Официальный сайт
 
ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Амерыканскія валанцёры ў Маканавічах
Амерыканскія валанцёры ў Маканавічах
16 января 2012

altНапрыканцы мінулага года ў Маканавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых ды інвалідаў прыбыла партыя гуманітарнай дапамогі, сродкі на якую сабралі жыхары многіх краінаў свету. Тут з радасцю сустракалі тых, хто дапамог набыць установе неабходнае для яе абсталяванне.
Кіт ды Прысціла Хаф усё жыццё пражылі ў невялікай вёсцы паблізу ад горада Солт-Лэйк-Сіці ў амерыканскім штаце Юта. Кіт працаваў спецыялістам па кампутарнай тэхніцы, а Прысціла памочнікам настаўніка ў пачатковай школе. У вялікай сям’і Хаф сямёра дзяцей – дачка і шасцёра сыноў. Гэта глыбока веруючая, хрысціянская сям’я, прыхаджане храмаў найбольш распаўсюджанай і традыцыйнай у Юце хрысціянскай канфесіі – Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён, якая таксама мае назву Царквы мармонаў. Выйшаўшы на пенсію, Кіт і Прысціла вырашылі прысвяціць сябе служэнню хрысціянскім ідэалам дабрыні і чалавечнасці. Яны звярнуліся ў царкву з прапановай свайго ўдзелу.
– Калі нам прыйшоў пазоў, што нам прапануюць службу ў Беларусі, мы крыху збянтэжыліся, – распавядае Кіт Хаф. – Я адразу палез у інтэрнэт, каб пабачыць што гэта за краіна і дзе гэта. Калі я даведаўся, што гэта частка былога Савецкага Саюза, я меркаваў, што Бог насамрэч падрыхтаваў нам сур’ёзнае выпрабаванне. Суровыя зімы, незразумелыя для нас людзі – прыкладна такое ўяўленне было ў мяне і маёй жонкі пра вашу краіну.
Кіт і Прысціла знаходзяцца ў Беларусі ўжо 18 месяцаў. Яны змянілі тут папярэднюю пару гуманітарных валанцёраў. Але і тэрмін іх служэння ў нашай краіне падыходзіць да заканчэння. Хутка на змену ім прыбудзе іншая пара.
– Зараз мы можам сказаць, што тыя чаканні, якія пужалі нас па той бок акіяну, ніякім чынам не спраўдзіліся, – працягвае Кіт. – Зіма ў Юце значна больш суровая, чым у Беларусі. А людзі, з якімі нам давялося мець зносіны ў вашай краіне, насамрэч здзіўлялі нас сваёй адкрытасцю і шчырасцю.
Апошнюю фразу Кіта “This is a very wonderful country” я зразумеў без перакладчыка.
Цягам усіх васемнаццаці месяцаў свайго гуманітарнага служэння ў Беларусі Кіт і Прысціла Хаф займаліся дабрачыннай дзейнасцю. Менавіта дабрачыннасць – адна з мэтаў існавання Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён. Па ўсім свеце налічваецца каля 15 мільёнаў прыхаджан царквы. І ахвяраванні на дабрачынную дзейнасць – гэта традыцыя прыхаджан. Як распавяла нам спадарыня Прысціла, сярэдні памер аднаго ахвяравання складае ўсяго 3 даляры, але, калі гэтыя сродкі збіраюцца па ўсім свеце, то гэта дазваляе рабіць вялікія справы.
У Беларусі царква мармонаў аказвае дабрачынную дзейнасць праз міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Сафія”, выканаўчы дырэктар якога Сяргей Зубовіч непасрэдна суправаджае валанцёраў па краіне, праводзіць усе неабходныя аперацыі, выконваючы адначасова і функцыі перакладчыка. Толькі ў мінулым годзе і толькі на Гомельшчыне МДГА “Сафія” ажыццявіла чатыры гуманітарныя праекты. Пры гэтым тры з іх – у нашым раёне. Наша газета ўжо паведамляла пра тое, што для Васілевіцкай школы-інтэрната для навучэнцаў з парушэннем зроку з дапамогай дабрачынных сродкаў удалося набыць адмысловую паперу з перфарацыяй для працы на прынтары, які друкуе брайлеўскі алфавіт, каб тэкст мог быць прачытаны невідушчымі дзецьмі.
Закранулі добрыя справы і Рэчыцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў, якія маюць фізічныя недахопы. У гэтай установе як раз ішоў маштабны рамонт, і каб зняць цяжкасці ў гэтай працы, МДГА “Сафія” набыла для дома-інтэрната бетонамешалку. А каб абнавіць мэблю, былі набытыя 16 сталоў і 20 крэслаў для дзяцей. Таксама зроблена аплата вырабу і ўсталёўвання адмысловай агароджы на ўваходзе ў будынак дома-інтэрната.
Але самы значны праект МДГА “Сафія” праз сваіх гуманітарных валанцёраў ажыццявіла менавіта ў Маканавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых ды інвалідаў. Сюды былі набытыя халадзільная камера для захоўвання малочных прадуктаў ды адмысловы халадзільны куфар для рыбных прадуктаў. Захоўванне харчу ў доме-інтэрнаце было сапраўднай праблемай, бо старыя лядоўні ўжо не адпавядалі аніякім патрабаванням. Акрамя гэтага спартыўная зала ўстановы папоўнілася новымі трэнажорамі, якія таксама аплаціла аб’яднанне “Сафія”.
Падчас наведвання Маканавіч мужу і жонцы Хаф ледзве ўдавалася стрымліваць свае пачуцці. Вельмі кранаючымі былі іх сустрэчы з падапечнымі дома-інтэрната.
– Мы доўга чакалі дазволу на ажыццяўенне праекту, – прызнаецца выканаўчы дырэктар МДГА “Сафія” Сяргей Зубовіч. – Справа ў тым, што мы не можам самастойна ўкладваць дабрачынныя сродкі, кожны такі праект абмяркоўваецца, і калі яго лічаць слушным, нам выдаткоўваюць грошы, якія абавязкова павінны быць патрачаныя найбольш выгадна. Галоўны прынцып дзейнасці нашай арганізацыі – “Дапамагаць людзям, каб яны змаглі надалей дапамагчы сабе самі”. І менавіта на тое, каб набываць нешта, што дазволіць развіваць матэрыяльную базу ўстаноў, якім мы дапамагаем, накіраваныя нашы намаганні.
– Мы наведваем тую ці іншую ўстанову, вывучаем яе патрэбы і дапамагаем набыць самае неабходнае, – дадае Прысціла Хаф. – Пры гэтым мы не вяртаемся зноў туды, дзе мы ўжо ажыццявілі нейкі праект. Бо нашай дапамогі чакаюць многія.
На самой справе Маканавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых ды інвалідаў здолеў ажыццявіць сваю даўнюю мару. Яшчэ ў мінулым красавіку, калі я быў у гэтай установе, яе дырэктар Генадзь Захаранка паказваў мне запэцканае фарбай і тынкоўкай памяшканне, дзе паводле яго задумкі павінна была размяшчацца спартыўная зала. Прыехаўшы ў Маканавічы ў снежні разам з гасцямі з ЗША і іх беларускім партнёрам, я ўбачыў акуратна адрамантаваную залу, дзе неалькі чалавек заўзята займаліся на новенькіх трэнажорах.
– Увесь рамонт залы мы рабілі ўласнымі сіламі, – гаворыць Генадзь Захаранка. – А вось падарункі нашых сяброў прыйшліся як раз дарэчы. Нашыя пражываючыя проста ў захапленні. Для заняткаў на трэнажорах нават давялося складаць графік, столькі жадаючых. І я хачу выказаць шчырую падзяку усім, хто меў дачыненне да ажыццяўлення гэтага дабрачыннага праекта.
Ці можна вымераць нейкімі грашыма глыбіню чалавечай душы, чысціню яго памкненняў, шчырасць яго пачуццяў? Мусіць – не! Але ж калі чалавек робіць добрыя справы, то крытэрыем усяго гэтага робяцца радасныя вочы тых, хто чакаў дапамогі, хто мае ў ёй самую надзённую патрэбу. І менавіта гэта было заўважальна на тварах тых, з кім давялося мець зносіны ў Маканавічах.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ

"Дняпровец"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
Защита прав потребителей


















Единый день безопасности

Помогут
Помогут
Помогут

Помогут
ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ