Іван Іванавіч БРАНІЦКІ – калі так можна сказаць – мясцовая зорка. У Салтаноўскім клубе дырэктарам адпрацаваў 20 гадоў. Таму тут яго ўсе ведаюць. Ды й зараз, нягледзячы на сівую галаву і вельмі паважаны ўзрост, ён усюды. А ўжо на свяце сельскага Савета ён і сярод арганізатараў, і сярод удзельнікаў, і сярод узнагароджаных за найлепшы парадак ля падворка.
Дарэчы, пра падворак. Неяк адзін наш журналіст, для якога Салтаноў быў не надта знаёмы, праязджаў па цэнтральнай вуліцы аграгарадка. І тады кінуўся яму кантраст паміж дзвюма амаль што суседнімі хатамі. Ля адной пустазелле вышэй плота, ды й плот той пахіліўшыся, а ля іншай – усё чыста-прыгожа, пафарбавана, нават пальмы з пластыкавых бутэлек увагу любога падарожніка прыцягваюць. Гэтаю другою і была хата сям’і Браніцкіх. Але тады на здымку ў газеце з’явіўся толькі вонкавы выгляд падворка з вуліцы. Сёння ж мы знаёмімся з гаспадарамі. А яны, паверце, таго вартыя!
Ніна Рыгораўна, жонка Івана Іванавіча, таксама амаль што мясцовая. Амаль – таму што пераехала ў Салтаноў з блізкага Каростаня, што ў Перасвятоўскім сельсавеце, калі ёй і дзесяці гадкоў не было. З таго часу тут і жыве. Пазнаёміліся з Іванам. Сям’ю стварылі. Ніна Рыгораўна на спіртзаводзе 37 гадоў апаратчыцай адрабіла, зараз таксама на заслужаным адпачынку.
Разам выгадавалі дваіх дзетак – дачку Валянціну і сына Аляксандра. Яны зараз вайскоўцамі пасталі, жывуць і служаць у Расійскай арміі пад Санкт-Пецярбургам. Аляксандру ў тэрміновую службу ў Афганістане ваяваць давялося. Амаль да самага вываду там быў. А тады ж ужо перабудова, галоснасць вакол была – пра афганскія жахі інфармацыя ўжо даходзіла. Менавіта тады бацькава галава ад хвалявання за сына і зрабілася снежна-белаю. Але, дзякуй Богу, усё склалася! Іван Іванавіч і зараз разам з Богам – актыўна дапамагае казінскаму храму ў яго добрых справах. Ды й, як ужо адзначалася, і ў справах сельсавета самы актыўны ўдзельнік. Ён па праву з тых людзей, якія карыстаюцца ў аднавяскоўцаў самым сапраўдным і вельмі высокім аўтарытэтам!
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
"Дняпровец"