Нядаўна прайшла цікавая сумесная акцыя рэчыцкага клуба джыпераў “OFFROAD Rechitsa”, рэчыцкага байкерскага клуба “IRON BROZERS” і праваслаўнага прыхода Раства Най-свяцейшай Багародзіцы, што ў вёсцы Коззе. А скіравана яна найперш была на дапамогу Рэчыцкаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру.
Пра тое, што паміж рэчыцкімі аматарамі красовераў ды сацыяльным прытулкам існуюць трывалыя і карысныя дачыненні, “Дняпровец” ужо некалькі разоў паведамляў. Джыперы ладзілі для дзетак ужо некалькі святаў. Далучыліся да іх і мясцовыя байкеры, мотаклуб таксама неабыякава ставіцца да дзетак, пазбаўленых бацькоўскай цеплыні.
Але гэтая акцыя крыху незвычайная. Справа ў тым, што аматары жалезных коняў не проста пракацілі дзетак на сваіх машынах. Яны падарылі сапраўдныя святы жыхарам некалькіх вёсак раёна і дапамаглі вяскоўцам зрабіць добрую справу. А ўсё было гэткім чынам.
З ініцыятывай правесці сумесную акцыю ў Дзень абароны дзяцей выступіў клуб джыпераў “OFFROAD Rechitsa”, які з нядаўняга часу супрацоўнічае з прыходам у Коззі і нават на сёлетнія Каляды ўжо прывозіў у храм на праваслаўны ранішнік дзетак з сацыяльна-педагагічнага цэнтра. А сёлетні год для прыхода Раства Найсвяцейшай Багародзіцы юбілейны – адноўленаму прыходу ў Коззі спаўняецца 10 гадоў. Таму правядзенне акцыі было прымеркаванае яшчэ і да гэтай даты.
Джыперы і байкеры з “IRON BROZERS Rechitsa” сабраліся ў прытулку, каб уручыць дзеткам свае падарункі. Гэта былі і салодкасці, і ракеткі ды валаны для бадмінтону, і баскетбольныя ды валейбольныя мячы. Таксама дзетак парадаваў вясёлы клоўн, зладзіўшы невялікае прадстаўленне.
А потым, пасадзіўшы малых у свае магутныя аўтамабілі, джыперы ды байкеры рушылі ў напрамку Коззя, праехаўшы калонай праз цэнтр горада. На жаль, у дарозе аўтамотапрабег напаткала магутная залева.
Шчыльныя струмені дажджу засціналі бачнасць нават праз лабавае шкло джыпаў, з імі не долелі спраўляцца “дворнікі”, а ўжо матацыклісты мусілі трываць ваду, што лілася на іх проста з неба. Таму, прыехаўшы да храма ў Коззе (дзе, дарэчы, свяціла радаснае сонейка), яны, змоклыя да ніткі, здолелі толькі прыняць удзел у святочным малебне, які адслужыў настаяцель храма айцец Віктар Зінкевіч, ды прадэманстраваць мясцовым жыхарам свае магутныя матацыклы.
Ад храма па галоўных вёсках, што ўваходзяць у склад прыхода, быў здзейснены хрэсны ход. З выявамі Ісуса Хрыста, Георгія Пераможцы, з юбілейнымі сцягамі з нагоды дзесяцігоддзя прыхода джыпы і матацыклы праехалі спачатку ў Салтаноў, потым у Ліскі і, нарэшце, у Перасвятое. Ва ўсіх гэтых населеных пунктах хрэсны ход сустракалі вялікаю грамадою мясцовыя жыхары. Пасля прамовы іерэя Віктара Зінкевіча з заклікам ствараць дабро, удзельнічаючы ў гэтай акцыі, людзі з вялікаю радасцю ахвяравалі грошы на дапамогу сацыяльнаму прытулку для дзетак.
Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пётр Галаўко прызнаўся, што калі ў Лісках адна з жанчын кідала ў скарбонку грошы, яна так і сказала: “Дазвольце і нам зрабіць добрую справу”. Людзі сапраўды ад шчырага сэрца неслі і неслі свае ахвяраванні. У Перасвятым адзін мужчына нават падбег да ад’язджаючай ужо машыны са скарбонкаю, сказаўшы, што ледзь паспеў, каб дадаць свой унёсак.
Але для вяскоўцаў падобная падзея – гэта яшчэ і сапраўднае свята. Тутэйшыя гарэзы таксама былі моцна ўражаныя выглядам магутных усюдыходаў. А джыперы з радасцю каталі на сваіх цуда-машынах мясцовых дзяцей.
Завяршыўся хрэсны ход зноў жа ля ганка сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Сумесна падлічыўшы сабраныя сродкі, айцец Віктар разам з іншымі арганізатарамі акцыі ўручыў дырэктару прытулка Пятру Галаўко сертыфікат на сабраную суму ў шэсць мільёнаў рублёў.
Несумненна, падобныя мерапрыемствы вельмі важныя. Па-першае, хрэсны ход дазволіў вялікай колькасці людзей узяць удзел у вельмі карыснай справе дапамогі тым, каму яна патрэбна. Па-другое, ён хоць на нейкія гадзіны ажывіў вясковы побыт – уражанні ад святочнага наведвання вёсак аўтамотааматарамі сярод тамтэйшых людзей не згаснуць яшчэ доўга!
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара
"Дняпровец"