Увосень работ восем » Речица.BY - Официальный сайт
 
ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Увосень работ восем
Увосень работ восем
01 сентября 2014

Сёлетні год сапраўды парадаваў аграрыяў высокім ураджаем. Такога валу збожжа, як прызналіся многія з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, не было ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Гэта таксама пацвердзіў і галоўны аграном КСУП “Дзяржынскі-агра” Аляксей Шчэрбіч. Нагадаю, што гэтая гаспадарка па сярэдняй ураджайнасці знаходзіцца на другім месцы ў раёне – 45,2 цэнтнера з гектара, саступіўшы першынство КСУП “Агракамбінат “Холмеч”.

– Сёлета вынікі ўборачнай кампаніі былі самымі высокімі за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў, – падводзіць вынікі жніва Аляксей Леанідавіч. – Валавы збор збожжа ў нас склаў 11 213 тон. Гэта амаль удвая больш за мінулагодні, калі гаспадарка намалаціла 6 004 тоны. У самы ўраджайны ж для нас год – 2008 – вал збожжа быў 9 194 тоны. Калі гаварыць аб культурах, дык найбольшую ўраджайнасць далі азімае трыцікале – 53 цэнтнеры на круг і азімая пшаніца – 50. Само ж жніво ў нас прайшло без якіх-небудзь надзвычайных сітуацый.

Сур’ёзных паломак збожжаўборачнай тэхнікі таксама не было. Праўда, адзін камбайн двойчы выходзіў са строю – сказалася спёка, некаторыя агрэгаты яе не вытрымлівалі. Аднак дзякуючы зладжанай рабоце інжынерна-тэхнічнай службы на чале з галоўным інжынерам Андрэем Бучко ўсе няспраўнасці былі ліквідаваны своечасова і ў сціслыя тэрміны, што не дапусціла вялікіх прастояў камбайна.

Не без гонару Аляксей Шчэрбіч узгадаў прозвішчы хлебаробаў, якія ў напружанай абстаноўцы, з золаку да позняга вечара сядзелі за штурваламі камбайнаў і аўтамабіляў. Найлепшы вынік у гаспадарцы ў Барыса Ліпінскага, які камбайнам КЗС-1218 намалаціў 2 225 тон збожжа. Тысячную рыску таксама перасягнулі на КЗС-10 Вячаслаў Ількавец, на КЗС-1218 – Мікалай Папоў (Мікалай Мікалаевіч зараз на “Ягуары-870” займаецца ўборкай кукурузы на сілас). А ўвогуле, усе восем экіпажаў камбайнаў паказалі зладжаную і добрасумленную работу і дасягнулі пэўных вынікаў, намалаціўшы звыш 1 000 тон. На адвозцы збожжа ад камбайнаў у гаспадарцы вызначыліся адразу два маладыя вадзіцелі. На трэцім месцы ў раёне знаходзіцца Раман
Сівуха, які аўтамабілем МАЗ-142 перавёз 2 131 тону зерня. Зараз Раман адвозіць ад камбайна здрабнёную зялёную масу кукурузы. Таксама ў раённую табліцу трапіў і малады механізатар Максім Сцепаненка, які трактарам МТЗ-82 перавёз 1 268 тон збожжа.

Спраўна адпрацавалі ў напружаны час і аператары зернесушыльнай гаспадаркі. Прызнацца, давялося ім пахвалявацца ў першыя дні жніва, калі збожжа з палёў паступала даволі вільготным і ў вялікіх аб’ёмах. Аднак усе тры зернесушыльныя комплексы справіліся з задачай на выдатна і не дапусцілі ніводнага грама страт. А вось аператары КЗСВ-30 Андрэй Андрэйкін і Дзмітрый Сівы сталі першымі ў раёне, высушыўшы і перапрацаваўшы 6 000 тон збожжа.

Як адзначыў Аляксей Шчэрбіч, такі высокі сёлетні вал збожжа дазволіў не толькі ў поўным аб’ёме разлічыцца з дзяржавай, але і назапасіць дастатковую колькасць збожжа для патрэб жывёлагадоўлі, якое пойдзе на выраб камбікорму. Акрамя таго, у колькасці 1 000 тон у гаспадарцы закладзены насенны фонд, зерне якога ўжо з нецярпеннем чакае сяўбы.

Зразумела, што з заканчэннем жніва ў гаспадарцы клопатаў не паменшала. Работы тут хапае круглы год. Вось і зараз актыўнымі тэмпамі рыхтуецца глеба і ўносяцца ўгнаенні пад азімую сяўбу рапса, якога плануецца пасеяць на плошчы ў 500 гектараў, а таксама азімых трыцікале і пшаніцы – па 1 000 гектараў.

– Пад зерневыя культуры мы вырашылі павялічыць плошчы на 400 гектараў. Асноўны клін зоймуць менавіта азімыя, якія вызначаюцца большай ураджайнасцю ў параўнанні з яравымі. Разам з тым актыўна займаемся цюкаваннем і адвозкай саломы, якой нам таксама неабходна нямала, бо асноўная колькасць буйной рагатай жывёлы знаходзіцца на ўтрыманні на глыбокай падсцілцы, – канстатуе Аляксей Леанідавіч.

Акрамя таго, гаспадарка актыўна пачала нарыхтоўку кукурузнага сіласу, якога ўжо закладзена ў ямы звыш 4 500 тон. Усяго ж запланавана яго назапасіць 25 000 тон. І гэтая лічба, як адзначыў Аляксей Шчэрбіч, цалкам рэальная. Увогуле ж пад кукурузай занята 1 600 гектараў плошчаў. Першапачаткова 400 з іх планавалася ўбраць на зерне. Аднак спякота, якая станоўча паўплывала на ўборачную кампанію, унесла не вельмі добрыя карэктывы на рост каралевы палёў. Таму большая яе частка будзе ўбрана менавіта на сілас. Зараз кукуруза знаходзіцца ў фазе амаль поўнай спеласці, і вегетатыўная яе маса даволі хутка высыхае. Таму гэты від корму на сённяшні дзень назапашваецца даволі хуткімі тэмпамі. І гэты працэс займае шмат працоўных і энергетычных рэсурсаў.

Калі гаварыць аб кармах, дык з запланаваных 8 000 гаспадарка залажыла ў траншэі 9 000 тон высокаякаснага сенажу. І гэта было крыху складана ажыццявіць, так як перавага была аддадзена кукурузе, і шматгадовыя травы на некаторых участках былі ўзараны менавіта пад яе.

Праз тыдзень-два гаспадарка пачне ўборку другога хлеба – бульбы, пад якой занята 225 гектараў. Як адзначыў галоўны аграном, раннеспелыя і сярэднераннія яе гатункі ў гэтым годзе таксама паказалі сябе нядрэнна, і вал бульбы па іх чакаецца не ніжэй мінулагоднега. А вось на ўраджайнасць познаспелых не лепшым чынам адбілася і спёка, вільготныя перапады, якія паспрыялі развіццю фітафтарозу. Таму гэтыя гатункі па ўраджайнасці саступяць мінуламу году.

Акрамя бульбы ў “Дзяржынскім-агра” вырошчваецца цыбуля, пад якой занята 15 гектараў, і столькі ж плошчаў сталовых буракоў.

Як бачна, работы ў гаспадарцы шмат. І ад якаснага і своечасовага яе правядзення са строгім выкананнем тэхналогій і залежыць будучы ўраджай, а таксама фінансавае становішча і заробкі працаўнікоў. І тут аб гэтым добра ведаюць.

Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ
Фота аўтара

"Дняпровец"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
Защита прав потребителей




















Единый день безопасности

Помогут
Помогут
Базар славянский

Помогут
ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ
 
 
Яндекс.Метрика