У вёсцы Расвет сядзібу Марыі Белай не прыйшлося доўга шукаць: яна знаходзіцца першай пры з’ездзе з шашы. Цагляны пабелены будынак выглядае прыстойна і нават прывабна. У гэтым журналіст і кіраўнік спраў Васілевіцкага гарадскога Савета дэпутатаў Аксана Кірэйчук змаглі пераканацца асабіста. Нас сустрэла немаладога ўзросту, але жвавая жанчына.
Гаспадыня гасцінна запрасіла ў хату:
– Заходзьце, даражэнькія, глядзіце, як жыву. Вось гэтым летам прыязджала да мяне дачка Валянціна з Костаная (Казахстан), гасцявала, мне па гаспадарцы дапамагала, агарод даглядала. Яна ды дачка Паліна, якая жыве ў Ведрычы, сабраліся, купілі шпалеры ды паклеілі іх у зале. Светла, па-сучаснаму стала, прыемна знаходзіцца тут. Люба паглядзець! – паказвае пакой Марыя Васільеўна. – Ды што шпалеры! Праблемай была грубка, якой ужо столькі гадоў, як і хаце: цагліны павыгаралі, цяпла не трымала. Сёлета мае дзеці разбурылі яе, прыдбалі гліну ды цэглу, знайшлі майстра-печніка, які зрабіў грубку. Спадзяюся, што цёпла будзе зімой, – працягвае гаспадыня. – Дроў ужо купіла.
У хаце прыбрана. Прадукты, як кажа бабуля, купляе ў аўталаўцы, якая бывае ў вёсцы тройчы на тыдні.
– А калі што смачней захочацца з’есці, дык дачцэ пазваню па сотаваму ды закажу. Паліна ці сын Мікалай, які жыве таксама ў суседняй вёсцы Ведрыч, прыедуць і прывязуць, – дадае бабуля. – Слава Богу, ёсць каму. У мяне шасцёра дзяцей ды ўжо дзевяць праўнукаў!
Пачалася гаворка пра жыццё-быццё. Родам Марыя з вёскі Бушаўка, што ў васьмі кіламетрах адгэтуль. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было дванаццаць гадоў. Аднойчы летам у 1943 годзе на досвітку ў вёску ўварваліся карнікі. Яны гвалтоўна сагналі ўсіх жыхароў вёскі ў памяшканне клуба. Старыя, мужчыны, падлеткі, дзеці і жанчыны. Дарослыя здагадваліся аб намерах карнікаў: тыя рыхтаваліся спаліць усіх жыхароў. “Мы з маці і пяццю дзецьмі, як і ўсе аднавяскоўцы, аказаліся ў клубе. Перапалоханыя дзеці туліліся да маці. Жанчыны супакойвалі сваіх дачушак і сыночкаў, моцна абнімалі, цалавалі. Жах, плач, лямант”, – расказвае наша субяседніца. Але на той гадзіне з’явілася жанчына-перакладчыца. Гледзячы на той гвалт і вэрхал, яна штосьці пачала гаварыць на нямецкай мове, але немцы крычалі: “Партызан, партызан!”. Перакладчыца не згаджалася і пярэчыла, маўляў, а жанчыны ды дзеці? Тады адзін з фашыстаў, відаць, галоўны, пайшоў на кампраміс і дазволіў выйсці з клуба жанчынам з малымі дзецьмі, хлопчыкаў-падлеткаў пакінулі там. Перакладчыца цыкнула выходзячым, маўляў, уцякайце хутчэй. Шпарка беглі жанчыны з малымі ад таго ракавога месца, як хтосьці крыкнуў: “Гарыць!” Абярнуліся. Палалі клуб і вёска. Згарэла ўсё датла. У час расправы над вёскай былі спалены жывымі, расстраляны і закатаваны 76 вяскоўцаў.
Голад і холад, нястачы, хваробы. Усё давялося перажыць тым, хто застаўся жывым. Але ж трэба было жыць далей. Дапамагалі маці, як маглі, уся надзея была на ўраджай з асабістага ўчастка: саджалі і апрацоўвалі бульбу, буракі ды іншую гародніну. А калі вызвалілі раён ад нямецкіх захопнікаў, сталі працаваць упэўнена, з’явілася надзея на лепшую будучыню. Не хапала ежы, насення – дзяліліся.
Стаў адраджацца саўгас, куды пайшла працаваць і Марыя. У яе працоўнай кніжцы адзін запіс аб прыёме на працу ў племзавод “Ведрыч” рабочай аддзялення “Расвет” (загад № 38 ад 23.02.1949 г.) Працавалі не шкадуючы свайго здароўя. Паляводы, сярод якіх была і Марыя, шчыравалі ад рання да цямна. Усё даводзілася рабіць уручную: саджалі бульбу, капалі яе, уносілі мінеральныя ўгнаенні (сыпалі з вёдзер і кашоў), сеялі зерневыя культуры, грэблі. Жалі сярпамі. Існавала дзённая норма выпрацоўкі, напрыклад, уручную пад лапату трэба было пасадзіць 10 сотак бульбы, столькі ж трэба было зжаць за дзень збожжа. А бульбы трэба было накапаць тону. Моладзь не адставала ад сталых працаўнікоў. Ураджаі былі добрыя. За сумленную працу Марыю неаднаразова заахвочвала дырэкцыя гаспадаркі грашовымі прэміямі, узнагародзіла каштоўным падарункам – гадзіннікам.
На месцы, дзе зараз Расвет, быў востраў, вакол – балоцістая мясцовасць. На тым востраве і пачалі сяліцца людзі, будаваць хаты. Марыя выйшла замуж за Мікалая Белага, і маладая сям’я стала будаваць хацінку ў Расвеце. У Марыі і Мікалая нарадзілася сямёра дзяцей. Акрамя названых вышэй у сям’і раслі Люба, Васіль, Ганна. Разам з імі жыла бабуля, якая дапамагала даглядаць дзяцей ды клапацілася аб хатняй гаспадарцы. Марыя Васільеўна працавала паляводам, а муж Мікалай усё жыццё быў трактарыстам.
Паступова вакол вёскі асушалі балоты. Расвет вырас, у вёсцы налічвалася 76 жыхароў. Нават водаправод быў.
Выраслі і разляцеліся, як тыя птахі, дзеці. Цяпер у вёсцы жыве 11 чалавек. Многія падвор’і зніклі. Старэюць любімая вёсачка і яе насельнікі.
– Завуць дзеці да сябе, – кажа Марыя Васільеўна, – ды як дамоўку кінуць? Хачу жыць у сваёй хаце, якую будавалі разам з мужам, дзе гадавала дзяцей. Люблю я гэтую зямлю.
А вось і суседка мая Ніна Кірылаўна прыйшла, – прадстаўляе ўвайшоўшую жанчыну бабуля. – Мы і пра дзетак пагамонім, і пра аднавяскоўцаў, і аб шчаслівых часінах успомнім…
Алена УСКОВА
"Дняпровец"