У мінулую пятніцу прадстаўнічая дэлегацыя рэчыцкіх аграрыяў прымала ўдзел у абласным свяце “Дажынкі-2014”, што праходзілі ў суседнім Буда-Кашалёве.
Невялікі райцэнтр моцна змяніўся, сапраўды папрыгажэўшы. Зроблена добраўпарадкаванне цэнтральных вуліц. Скончаны адзін з этапаў рэканструкцыі сярэдняй школы № 1. А ў дзень свята на Цэнтральнай плошчы адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў горадзе фантана, які адмыслова быў збудаваны ў рамках падрыхтоўкі да абласнога свята працаўнікоў вёскі.
Падчас фестывалю на вуліцах і плошчах Буда-Кашалёва працавалі сельскагаспадарчыя выставы, выставы рарытэтнай ды сучаснай сельгастэхнікі, тэматычныя падворкі “Поры года”, фестываль майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Горад майстроў”, дзіцячая пляцоўка, гандлёвыя рады.
Святочная ўрачыстасць праходзіла ў раённым Доме культуры, які падчас падрыхтоўкі да свята зведаў сапраўднае аднаўленне. Менавіта тут, на галоўнай святочнай сцэне, свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы жніва-2014, найлепшыя працаўнікі сельскагаспадарчай вытворчасці Гомельшчыны. Для нас вельмі радасна, што сярод тых, хто ўздымаўся на сцэну “Дажынак-2014”, было шмат прадстаўнікоў Рэчыцкага раёна.
Асабліва прыемна, што наш раён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы зерневых і зернебабовых культур. У сваім выступленні старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік адзначыў:
“У гэтым годзе намалочана 230 тысяч тон зерня кукурузы. Гэта дазволіла давесці валавы збор зерня 2014 года да палутара мільёна тон. У тройцы лідараў па валавым зборы зерневых і зернебабовых культур – Рэчыцкі, Буда-Кашалёўскі і Рагачоўскі раёны”. І менавіта з рук Уладзіміра Дворніка ганаровы дыплом раёну-пераможцу жніва-2014 атрымаў кіраўнік нашага раёна Віталь Панчанка.
Але гэтым узнагароды, атрыманыя рэчыцкімі земляробамі на свяце, далёка не вычарпаліся. Таксама наш раён зрабіўся пераможцам у абласным спаборніцтве ў намінацыі “За высокую культуру земляробства сярод раёнаў, якія атрымалі ў 2014 годзе валавы збор зерня больш за 100 тысяч тон” і на свяце быў уганараваны сертыфікатам на атрыманне трох трактароў МТЗ-82. Сярод сельскагаспадарчых ды іншых арганізацый, якія забяспечваюць выкананне задання па пастаўцы піваваранага ячменю ў лік рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, пераможцам у вобласці стала КСУП “Агракамбінат “Холмеч” на чале з яго дырэктарам Васілём Юшкевічам.
Сярод галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў з валавым зборам збожжа звыш за 7 тысяч тон – лепшы ў вобласці вынік працы ў галоўнага агранома гэтай жа гаспадаркі Сяргея Юрчанкі. Галоўны інжынер агракамбіната “Холмеч” Андрэй Каваленка стаў лепшым сярод галоўных інжынераў сельгасарганізацый. На першае месца ў вобласці сярод сельгасарганізацый, якія маюць комплексы па вытворчасці ялавічыны, выйшла сельскагаспадарчае прадпрыемства “Дземяхоўскае”, якое ўзначальвае Вячаслаў Любінскі. У спаборніцтве сярод старшых камбайнераў і камбайнераў збожжаўборачных камбайнаў найлепшыя ў вобласці паказчыкі ў экіпажа з КСУП “Агракамбінат “Холмеч” у складзе Васіля Коваля і Віталя Ільёва.
А сярод маладзёжных экіпажаў пераможцам стаў Дзмітрый Мінянкоў з КСУП “Абарона краіны”. Вадзіцель Мікалай Краўчанка з КВТУП “Рэчыцааграхімсэрвіс” заняў трэцяе месца ў вобласці сярод вадзіцеляў абслугоўваючых арганізацый, якія ажыццяўляюць перавозку збожжа для дзяржаўных патрэб. А камбайнер КСУП “Дзяржынскі-агра” Мікалай Папоў апынуўся на трэцім месцы ў спаборніцтве камбайнераў кормаўборачных камбайнаў сельгасарганізацый. Усе гэтыя людзі, а таксама кіраўнікі арганізацый-пераможцаў, атрымалі на галоўнай сцэне свята дыпломы ды каштоўныя падарункі. Сярод аператараў жывёлагадоўчых комплексаў па адкорме свіней першае месца ў Надзеі Сыч з філіяла «Савецкая Беларусь». Сярод аператараў па вырошчванні парасят таксама на першым месцы Святлана Грабцэвіч з гэтай жа гаспадаркі. Сярод брыгадзіраў малочнатаварных ферм у ліку пераможцаў таксама працаўніца «Савецкай Беларусі» Святлана Вінакурава. На другім месцы сярод аператараў машыннага даення апынулася Валянціна Падзамская, а сярод аператараў па штучным асемяненні жывёлы таксама другое месца ў Наталлі Ярчынскай з той жа гаспадаркі, Ніна Пішчык з калгаса (ВСК) «50 гадоў Кастрычніка» стала трэцяй у вобласці ў спаборніцтве галоўных заатэхнікаў. Безумоўна, такія вынікі не могуць не радаваць. І самае галоўнае, што ў іх ёсць унёсак усіх працаўнікоў сельгасгаліны раёна.
Пасля ўрачыстага ўзнагароджвання адбылася канцэртная праграма, у якой узялі ўдзел лепшыя творчыя калектывы Гомельскай вобласці, а таксама прафесійныя артысты Курскай абласной філармоніі (Расійская Федэрацыя). На цэнтральнай плошчы Буда-Кашалёва быў усталяваны светадыёдны экран, на якім у рэжыме on-line ішла трансляцыя ўрачыстай цырымоніі ды святочнага канцэрта.
Мы віншуем нашых землякоў – героеў сёлетніх “Дажынак” ды жадаем рэчыцкім аграрыям заўжды трымаць планку сваіх вытворчых дасягненняў на такім жа высокім узроўні!
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА
"Дняпровец"