У “Дземяхоўскім” пад Рэчыцай работнікі жывёлагадоўчага комплексу змагаліся з канторай сельгаспрадпрыемства » Речица.BY - Официальный сайт
 
ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » У “Дземяхоўскім” пад Рэчыцай работнікі жывёлагадоўчага комплексу змагаліся з канторай сельгаспрадпрыемства
У “Дземяхоўскім” пад Рэчыцай работнікі жывёлагадоўчага комплексу змагаліся з канторай сельгаспрадпрыемства
12 января 2015

Напрыканцы мінулага года, які зусім нядаўна адлічыў свае апошнія дзянькі, у сельгаспрадпрыемстве “Дземяхоўскае” прайшла спартакіяда паміж падраздзяленнямі.

IMG_4926Варта адзначыць, што ў спартовай зале Салтаноўскай сярэдняй школы, дзе ладзілася мерапрыемства і якая, уласна кажучы, зрабілася ці не галоўным арганізатарам усяго спаборніцтва, было яшчэ да пачатку вельмі шумна і шматлюдна. Акрамя непасрэдна ўдзельнікаў камандаў тут сабралася вялікая колькасць заўзятараў, гатовых падтрымліваць свае каманды да болю ў далонях і хрыплага голасу. Што, уласна, яны цягам спаборніцтваў і рабілі.

IMG_4552А жарсці на спартовай пляцоўцы віравалі сапраўды нежартоўныя! У спартакіядзе ўзялі ўдзел чатыры каманды: каманда жоўтых з назваю “Сонейка”, каманда сініх з назваю “Атас”, каманда белых з назваю “Бычок” і каманда чырвоных з назваю “Молнія”. Паводле лёсавання, праведзенага пасля ўрачыстага адкрыцця спартакіяды намеснікам дырэктара СУП “Дземяхоўскае” і адной з ініцыятарак дзеі Вольгай Доўбуш, чатыры каманды былі разбітыя на дзве групы, і такім чынам распачаўся першы тур. Выпрабаванняў, якія падрыхтавалі для сельгасспартоўцаў супрацоўнікі ды вучні школы пад кіраўніцтвам выкладчыка фізічнай культуры Леаніда Сівадзеда, было так шмат, што толькі адно пералічэнне іх усіх заняло б вельмі значную плошчу і нават не дазволіла б распавесці пра тое, хто ж атрымаў перамогу. У першым туры каманда “Сонейка” змагалася з камандай “Бычок”. Другі тур вызначаў пераможцаў паміж камандамі “Атас” і “Молнія”. Удзельнікам даводзілася і несці паветраны балонік на тэніснай ракетцы, і скакаць у мяхах, і ехаць па падлозе спартовае залы на лыжах, і нават трапляць мячом у баскетбольную сетку. А яшчэ штурхаць клюшкай тэнісны мячык вакол расстаўленых фішак, трапляць з істотнае адлегласці гэтым жа мячыкам у вядро, сшыбаць фішкі баскетбольным мячом, ганяцца адзін за адным, каб нагамі покнуць прывязаны да тулава балонік, ды шмат чаго іншага.

IMG_4769Судзіла сустрэчу строгае журы, у склад якога ўваходзіла сама кіраўніца мясцовай салтаноўскай улады – старшыня тамтэйшага сельвыканкама Наталля Шынгірэй, дырэктарка школы, дзе ўсё праходзіла, Надзея Сержан, а таксама… Дзед Мароз са Снягуркаю: справа ж адбывалася амаль напярэдадні Новага года!
І варта сказаць, што няўмольныя ачкі дазволілі-такі выявіць самае спартыўнае падраздзяленне сельгаспрадпрыемства. Пасля двух тураў у фінал выйшлі каманды “Бычок” і “Молнія”, першая з іх прэзентавала жывёлагадоўчы комплекс, другая – кантору прадпрыемства. І ўжо тут накал барацьбы стаўся папросту невыносны. Каманды, нібы коні на скачках, ішлі, як кажуць, наздра ў наздру, падыйшоўшы да выніковага выпрабавання з нічыйным лікам. Але выявіць пераможцу было неабходна. Тут на дапамогу прыйшла гульня дартс. Капітаны каманд уласнаручна шпурлялі дроцікі ў шчыты і, выклікаўшы сапраўднае захапленне заўзятараў, бясспрэчную перамогу ў некалькі дзясяткаў балаў атрымаў капітан каманды “Бычок”, якая і была прызнаная пераможцам спартакіяды. Другое месца, адпаведна, дасталося камандзе канторы “Дземяхоўскага” “Молнія”, а вось дзве астатнія каманды, якія не прайшлі ў фінал, набралі роўную колькасць ачкоў і падзялілі між сабою трэцяе месца. Хаця, насамрэч, канешне ж тых, хто прайграў, на гэтым мерапрыемстве не было.

IMG_4298У завяршэнне спартовага свята ўсе атрымалі салодкія падарункі ад самога Дзеда Мароза са Снягуркаю, а дзеткі спартоўцаў, якія жарсна заўзелі за сваіх бацькоў, выйшлі да мікрафона ды зачаравалі казачнага дзядулю цудоўнымі вершамі ды песенькамі.

Хтосьці ладзіць на Новы год карпаратывы з моцнымі напоямі ды тлустымі пачастункамі ў рэстаранах, хтосьці проста віншуе калектыў прамовамі на сходзе, а ў сельгаспрадпрыемстве “Дземяхоўскае” святкаванне Новага года атрымалася вось такім: здаровым, актыўным ды крэатыўным! Дарэчы, такія спартовыя навагоднія сустрэчы тут адбываюцца ўжо не першы год і, як і шмат што іншае, робяцца добрай тутэйшай традыцыяй.

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
Защита прав потребителей




















Единый день безопасности

Помогут
Помогут
Базар славянский

Помогут
ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ
 
 
Яндекс.Метрика