
Выяздная калегія Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання прайшла на базе Рэчыцкага доследнага лясгаса. У яе працы, акрамя дырэктараў усіх лесагаспадарчых устаноў вобласці, узялі ўдзел намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Корбут і генеральны дырэктар Гомельскага ДВЛГА Міхаіл Супрун.
Асноўнай тэмай нарады стала добраўпарадкаванне вытворчых баз лесагаспадарчых падраздзяленняў. Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Рэчыцкі доследны лясгас», акрамя асноўнай базы, што месціцца ў вёсцы Прыгарадная, мае яшчэ базу лесапункта ў раёне Галаўных збудаванняў ВА «Беларуснафта», а таксама шэсць вытворчых баз лясніцтваў у сельскіх населеных пунктах раёна. Менавіта на прыкладзе гэтых падраздзяленняў і вывучалі кіраўнікі лясной гаспадаркі вобласці тое, як мусяць выглядаць прадстаўніцтвы «зялёнай» галіны краіны ў населеных пунктах, дзе яны размешчаны.