Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Старажытны Горваль святкаваў


Старажытны Горваль святкаваў


28 июня 2010. Разместил: admin
Адкрыла ўрачыстасць старшыня Глыбаўскага сельвыканкама К.П. Грабцэвіч. Яна шчыра павіншавала жыхароў вёскі са святам і прапанавала ўзяць удзел у святочнай праграме, якую падрыхтавалі самадзейныя артысты з Горваля, Глыбава, Мілаграда, Берагавой Слабады.

Падышоўшы потым да Кацярыны Пятроўны, запытаўся ў яе, колькі жыхароў зараз жыве ў вёсцы. “Калі мясцовых, дык крыху больш за 170”, – адказала старшыня сельсавета. А між тым, згодна з пісьмовымі крыніцамі, напрыклад, у 1731 годзе ў маёнтку Горваль налічвалася 294 “дыма”, альбо, выказваючыся сучаснай мовай, – двары. А ўвогуле, першае пісьмовае ўзгадванне пра Горваль датуецца 15 стагоддзем, хаця існуюць дадзеныя, што славянскае паселішча тут было ўжо ў 12 стагоддзі. Потым Горваль ведаў уздымы і разбурэнні, быў мястэчкам, цэнтрам воласці, меў развітую прамысловасць. На жаль, сёння гэта даволі невялікая вёсачка, але ж і тыя 170 жыхароў, што жывуць тут, хочуць адчуваць сябе не пакінутымі Богам і ўладай. Менавіта таму ў кіраўніка сельскага Савета і нарадзілася задума наладзіць у старажытным паселішчы свята.

Цікавая і насычаная гісторыя вёскі, якую прачыталі на свяце, нават для некаторых мясцовых жыхароў зрабілася адкрыццём. А потым былі шматлікія песні, мясцовыя жыхары чыталі вершы ўласнага сачынення. Паміж канцэртнымі нумарамі найбольш слынным жыхарам вёскі былі ўручаны каштоўныя падарункі. Іх, у прыватнасці, атрымалі: Ганна Васільеўна Леўчанка і Гарры Сяргеевіч Чыўкуноў – за лепшае добраўпарадкаванне вёскі, Еўдакія Іванаўна Канода і Варвара Сцяпанаўна Гром – за лепшыя работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Наталля Іванаўна Сідарэнка і Ніна Паўлаўна Шабетнік – за вершы, якія склалі пра родную вёску. Былі адзначаны шматдзетныя маці, якіх у Горвалі налічваецца сямёра, ветэраны вайны і працы – іх шэсць чалавек, а таксама падарункі былі ўручаны сваякам старэйшых жыхароў вёскі (самі яны, на жаль, ужо не здолелі прыйсці) – Ганны Якаўлеўны Шылянок (1910 года нараджэння) і Еўдакіі Фёдараўны Кукара (з 1918 года).

Атмасфера еднасці і душэўнага ўздыму панавала на свяце. У вачах гледачоў бачыліся задор і ўдзячнасць за падоранае свята. А на заканчэнне былі разыграны конкурсы, віктарыны і гульні для мясцовых дзетак. І няхай не шмат іх набралася, недзе каля пяці басаногіх гарэзаў, аднак і гэта ўсяляе надзею, што ёсць усё ж будучыня ў старажытнага мястэчка. А вясковыя святы абяцаюць зрабіцца традыцыйнымі!

Тэкст і фота
Андрэя МЯДЗВЕДЗЕВА



"Дняпровец"

Вернуться назад