Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Рэчыцкі раён прызнаны пераможцам спаборніцтва ва ўборцы зерневых і зернебабовых культур


Рэчыцкі раён прызнаны пераможцам спаборніцтва ва ўборцы зерневых і зернебабовых культур


26 ноября 2010. Разместил: admin
Рэчыцкі раён прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод раёнаў Гомельшчыны за дасягненне высокіх паказчыкаў ва ўборцы зерневых і зернебабовых культур.

Хоць і былі прадстаўнікі Рэчыцкага раёна на абласным фестывалю-кірмашы працаўнікоў вёскі, што праходзіў у Мазыры, гасцямі, але ж па праву адчувалі сябе гаспадарамі гэтага свята. Бо і дэлегацыя нашая была самай шматлікай, і вынікі працы нашых земляробаў, якія агучваліся са сцэны свята, – самыя ўражлівыя.


Старшынёй аблвыканкама А.С. Якабсонам ганаровы дыплом быў уручаны старшыні нашага райвыканкама П.М. Шостаку і яго намесніку, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.А. Дзейкуну. Але ніводнае ўзнагароджванне на сцэне мазырскага гарадскога палаца культуры, дзе ладзілася свята, не абыходзілася без удзелу прадстаўнікоў Рэчыцы. Пераможца сярод гаспадарак вобласці на ўборцы зерневых – наш КСУП “Агракамбінат “Холмеч”, сярод гаспадарак вобласці на нарыхтоўцы травяных кармоў – зноў жа рэчыцкі калгас (ВСК) “50 гадоў Кастрычніка”. Пераможца сярод экіпажаў камбайнаў на ўборцы зерневых – экіпаж Генадзя Некрашэвіча з КСУП “Агракамбінат “Холмеч”, сярод камбайнераў кармаўборачных камбайнаў – Васіль Коваль, з таго ж “Холмеча”. На другіх і трэціх месцах у розных намінацыях, па якіх падводзіліся вынікі спаборніцтва, таксама былі многія прадстаўнікі Рэчыцкага раёна. А старшыні калгаса (ВСК) “50 гадоў Кастрычніка” Р.К. Шпакаву даводзілася ўзнімацца на высокую сцэну неаднаразова.

За такімі вынікамі стаіць напружаная праца ўсіх работнікаў сельгаспрадпрыемстваў раёна, а таксама абслуговых арганізацый. Менавіта яна дала права нашым прадстаўнікам годна адчуваць сябе сярод калег з усёй вобласці. І фестываль-кірмаш, што праводзіўся напярэдадні прафесійнага свята земляробаў, стаў свайго роду ўдзячнасцю ўсім жыхарам Гомельшчыны, у тым ліку і працаўнікам вёскі нашага раёна, што ўнеслі адзін з самых значных укладаў у абласны каравай.

Пасля ўрачыстых узнагароджванняў свята працягвала захапляльная канцэртная праграма, падрыхтаваная артыстамі Мазыра. І нават нягле-дзячы на тое, што надвор’е ў горадзе над Прыпяццю было халодным, ішоў шэры надакучлівы дожджык, свята земляробаў зрабілася сапраўды цёплым і жыццярадасным, і можна быць упэўненымі, што ў далейшым дасягненні нашых сялян будуць яшчэ больш значнымі.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ

"Дняпровец"

Вернуться назад