Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Стары Новы год святкаваў народ!


Стары Новы год святкаваў народ!


15 января 2013. Разместил: admin

Стары Новы год – гэта рэдкі гістарычны феномен, дадатковае свята, якое атрымалася ў выніку змены летазлічэння. Па старадаўняй традыцыі ў навагоднюю ноч адзначаўся багаты Васільеў вечар. У гэты дзень прынята было шчодра накрываць стол. Многія рэчычане з задавальненнем прытрымліваюцца гэтай старадаўняй традыцыі. Але асабліва папулярна ў нашых землякоў шчадраванне.

У нядзелю ўвечары па вуліцах горада імкліва праносіліся групкі размаляваных калядоўшчыкаў з торбамі ўнушальных памераў. Апранутыя ў святочныя касцюмы, яны трымалі калядную зорку. З глыбокай даўніны існуе павер’е, што калі ў хату завітаюць калядоўшчыкі і выканаюць увесь рытуал – то сям’ю не абмінуць згода, дастатак і мір.

Але самыя цікавыя дзеянні распачаліся ўвечары на Цэнтральнай плошчы горада. Тут каля навагодняй ёлкі можна было ўбачыць старажытных калядоўшчыкаў, працаўнікоў аддзела культуры, якiя разгарнулі сапраўднае цікавае дзейства з вясёлымі спевамі, гульнямі. І, нягледзячы на мароз, рэчычане з задавальненнем танчылі каля ёлкі, спявалі і весяліліся разам з калядоўшчыкамі.

– Мы з сяброўкай з радасцю адгукнуліся на запрашэнне правесці сённяшні вечар каля ёлкі. І не памыліліся: тут цёплая дамашняя атмасфера, цудоўная музыка і проста весела, – гаворыць Ніна Бучанкова. – Вядучыя не даюць сумаваць нікому. Падобныя мерапрыемствы тым і прыцягваюць, што яны добра арганізаваныя, можна сустрэцца з мясцовымі артыстамі.

Тэкст и фота
Вольгi НIКАН

"Дняпровец"


Вернуться назад