У сёмы раз у Гомеле прайшоў музычны конкурс “Мой сябра – баян”, але толькі ў гэтым годзе ён атрымаў значэнне Міжнароднага. Музычнае спаборніцтва сабрала лепшых баяністаў і акардэаністаў пяці краін: Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі. Усяго амаль 150
удзельнікаў.
– Сярод канкурсантаў былі і вучні Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў і дзіцячай музычнай школы мастацтваў з Азершчыны, – расказала Галіна Куліцкая, намеснік дырэктара Школы мастацтваў. – На працягу некалькіх дзён маладыя таленты дэманстравалі сваё майстэрства ў трох узроставых групах. А члены журы, сярод якіх былі заслужаныя артысты і прафесары з краін-удзельніц, не пераставалі здзіўляцца таленту і ўзроўню падрыхтоўкі падрастаючага пакалення музыкаў. Як вынік – нямала нашых, рэчыцкіх, сярод пераможцаў конкурсу. Віншуем іх і настаўнікаў з выдатнымі вынікамі. Жадаем новых творчых перамог і здзяйсненняў, мэтанакіраванасці, веры ў сябе, і, вядома ж, здароўя и добрага настрою.
Так, дыпломы конкурсу атрымалі Алена Ласіца і Дзіна Старыкава (настаўнік Н. Шэлег), Ганна Сцельмашок (настаўнік Т. Рожына), Аляксей Скакун (настаўнік Т. Лявончык), Паліна Смірнова (мал.гр.), Юліяна Грабцэвіч (настаўнік Т. Рожына), Ягор Працэўнікаў, Анастасія Аксянкова (настаўнік Л. Крываручка), Ангеліна Глушкоўская (настаўнік Н. Змушко), а таксама вучаніца дзіцячай музычнай школы мастацтваў з Азершчыны – Анастасія Ціхова (настаўнік І. Пачкоўская).
Вольга НІКАН
Фота з архіва Школы мастацтваў
"Дняпровец"