Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Ідзе сяўба «царыцы палёў»


Ідзе сяўба «царыцы палёў»


28 апреля 2014. Разместил: admin

Ранні пачатак сёлетняй сяўбы тым не менш пакуль не дазваляе паслабляцца земляробам раёна. І хаця сяўба ранніх яравых скончаная яшчэ ў пачатку красавіка, рокат трактарных рухавікоў на палетках чуцён і дагэтуль. Зараз самы разгар сяўбы кукурузы. У планах аграрыяў раёна сёлета пасеяць яе на 27 900 гектараў.

Плошча, адведзеная пад сяўбу кукурузы, – самая вялікая. Аніводная культура не займае гэткіх тэрыторый. І такая «папулярнасць» гэтай паўднёваамерыканскай расліны невыпадковая, бо кукуруза – гэта самы ўніверсальны корм і для дойнага статку, і для жывёлы, што ўтрымліваецца ў сельгаспрадпрыемствах на адкорме. Сёння большасць кароў у нашых гаспадарках знаходзяцца на круглагадовым стойлавым утрыманні, а гэта патрабуе аднастайных і збалансаваных кармоў. Такім чынам магчыма дасягнуць стабільнасці ў атрыманні ды продажы малака – асноўнай крыніцы паступлення прыбаткаў нашых сельгаспрадпрыемстваў. І тут менавіта кукуруза вельмі дарэчная, бо ўтрымлівае значна большую колькасць кармавых адзінак у адзінцы вагі. Таму вырошчванне кукурузы значна больш эканамічна выгаднае, чым утрыманне і падтрыманне ў належным стане пашаў ды выпас жывёлы. Ды й ніякае сена не здолее параўнацца ў сваёй каларыйнасці з правільна прыгатаванымі кармамі з зялёнай масы кукурузы – амаль у пяць разоў карыснейшая за сена «царыца палёў», як называлі кукурузу ў вядомы перыяд савецкай гісторыі. Як бачым, многае новае – гэта добра забытае старое, адначасова – гэта і яшчэ адно пацвярджэнне, што не ўсё тады было гэтак кепска.

Мы завіталі на адно з палёў КСУП «Камсамольск», калі там як раз вялася сяўба кукурузы. Трактарам 2022 з магутнай сеялкай кіраваў вопытны механізатар Сяргей КОСЦІН (на здымку). І справа ў яго ішла спорна! Мы ўжо сустракаліся з гэтым спецыялістам падчас наведвання гаспадаркі ўвосень мінулага года. Тады ён патрапіў на нашыя старонкі ў кампаніі сваіх калег. Зараз жа менавіта ягонымі дбайнымі рукамі засявалася поле, што сваім рогам прымыкае да самага Камсамольску.

Усяго сёлета гаспадарцы неабходна пасеяць 2300 гектараў кукурузы. Па стане на ўчарашні дзень (28 красавіка) тут засеялі ўжо 1 180 гектараў. Акрамя таго, яшчэ на пачатку сёлетняй пасяўной на 880 гектарах пасеялі раннія яравыя зерневыя, на 50 гектарах – грэчку. Ну і 70 гектараў было адведзена ў гаспадарцы пад бульбу для насельніцтва. На сёлетні ўраджай у КСУП «Камсамольск» даволі добрыя спадзяванні. Калі ўлетку не падвядзе надвор’е, то гаспадарка будзе і з хлебам, і з малаком, і з мясам. А гэта – найгалоўнейшая зарука ўстойлівага фінансавага становішча сельгаспрадпрыемства.

Па раёне ж па стану на 28 красавіка агульная плошча, на якой ужо пасеяна кукуруза, склала 17 882 гектары, альбо 64% ад запланаванага. Работы вядуцца самымі спраўнымі тэмпамі, і мы яшчэ неаднаразова вернемся на кукурузныя палеткі раёна.

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ,

"Дняпровец"/p>


Вернуться назад