У раёне завяршаецца сяўба. Апошняя культура, якую высяваюць земляробы, – гэта кукуруза. Гаспадаркі ўжо выканалі даведзенае раёну заданне па сяўбе гэтай культуры на плошчы ў 27 900 гектараў. Але трактары з сеялкамі пакуль яшчэ бачныя на палетках. Зараз кукурузай засяваюцца развораныя тэрыторыі, якія ўпершыню ўводзяцца ў севазварот.
Адно з такіх палёў знаходзіцца каля вёскі Унорыца за мясцовай малочнатаварнай фермай. Некалі тут пасцілі грамадскі статак. Зараз жа, у сувязі са зменай тэхналогіі ў жывёлагадоўлі і скіраванасці яе на круглагадовае стойлавае ўтрыманне са збалансаваным, разлічаным кармленнем адпаведным чынам прыгатаванымі кармамі, неабходнасць у такіх, як раней, плошчах пашаў адпала. Землі гэтыя разворваюцца ды засяваюцца. Цяпер на іх будзе вырошчвацца значна больш пажыўная ды эканамічна выгадная кукуруза.
Менавіта за Унорыцай мы і пазнаёміліся з адным з лепшых механізатараў сельгаспрадпрыемства “Дземяхоўскае” Генадзем Сенюком. У гаспадарцы ён працуе ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Пачынаў на гусенічным трактары Т-74, потым быў Т-150, знакаміты цяжкавагавы К-700, які ў народзе клічуць “Кіравец”, улетку даводзілася садзіцца на розныя касаркі і да таго падобныя самаходныя агрэгаты. Зараз за Генадзем Сенюком замацаваны МТЗ-1221, які ён адным з першых атрымаў яшчэ 13 гадоў таму. І тое, што трактар і зараз спраўна служыць свайму гаспадару і сельгаспрадпрыемству, гаворыць аб дбайным стаўленні механізатара да даверанай яму тэхнікі. А ў другой палове лета Генадзя Уладзіміравіча традыцыйна чакае камбайн. Г. Сянюк звычайна адзін з лепшых у гаспадарцы і на ўборцы збожжа.
Яшчэ адно невялікае поле, на якім “Дземяхоўскае” дасявала кукурузу, трапілася нам паблізу Берагавой Слабады. Тут на такім жа трактары МТЗ-1221 шчыраваў Уладзімір Мурашка. Аб ім у кіраўніцтва гаспадаркі таксама водгукі, як аб адным з лепшых. Уладзімір, гэтак жа, дарэчы, як і Генадзь Сянюк, родам з Коззя. Толькі Сянюк зараз у Антопалі селішча сваё збудаваў, а Уладзімір Мурашка жыве ў Салтанове. Як бачым – казінскія хлопцы ў гаспадарцы на добрым рахунку – працаўнікі яны заўзятыя і шчырыя! Тады яшчэ ў саўгас “Дземяхі” Уладзімір прыйшоў адразу пасля школы, падчас навучання ў якой скончыў вучэбна-вытворчы камбінат, што ў родным Коззі. Маладому трактарысту далі галоўнага працоўнага “коніка” на працягу многіх гадоў – самы
вядомы трактар з сям’і “Беларусаў” – МТЗ-80. Шчыраваў на ім па самых розных работах. Потым у войска заклікалі. Аддаўшы належнае Радзіме, зноў вярнуўся ў родную вёску і родную ўжо гаспадарку. Дарэчы, было ва Уладзіміра неяк памкненне кінуць вёску і гэтую працу. Пазнаёміўся з дзяўчынаю са Светлагорска ды падаўся ў тамтэйшыя шпакоўні на трактары мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі па асфальце катацца. Але радзіма і зямля ўсё ж клікалі да сябе. Не вытрымалі, вярнуліся. Сёння і жонка Віта зрабілася салтаноўкаю, пачала рабіць на камбінаце харчовых прадуктаў “Палессе”. Зараз і дзвюх маленькіх салтановачак гадуюць – Алінка ўжо чацьвёрты клас у школе заканчвае, а маленькая Карынка рыхтуецца да, так бы мовіць, “першай ступені адукацыі” – дзіцячага садка! Уладзімір жа, па вяртанні з гарадскіх выгодаў суседняга райцэнтра, зноў сеў за руль МТЗ-80. А восем гадоў таму атрымаў МТЗ-1221, пра які, дарэчы, і цяпер яшчэ кажа “новы трактар”.
Па стане на 23 мая ў сельгаспрадпрыемстве “Дземяхоўскае”, паводле словаў яго дырэктара Вячаслава Любінскага, ужо пасеяна 2 600 гектараў кукурузы. Але на гэтым мясцовыя земляробы не спыняюцца. У іх планах – сяўба амаль трох тысяч гектараў – зараз, пасля першага ўкосу, будуць разворвацца і засявацца плошчы, на якіх цяпер растуць травы. Практычна скончаная сяўба і ў цэлым па раёне. Але складаць рукі сялянам не даводзіцца. На чарзе – актыўная стадыя нарыхтоўкі кармоў.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара
"Дняпровец"