Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Круці педалі разам з намі!


Круці педалі разам з намі!


13 августа 2014. Разместил: admin

У апошні час на вуліцах нашага горада мы назіраем усё больш моладзі на роварах. Гэта, безумоўна, станоўчая тэндэнцыя. Такі від транспартнага сродку выкарыстоўваецца для звычайнага перамяшчэння, актыўнага адпачынку і цікавага спорту.

Большая частка людзей атрымлівае навыкі кіравання роварам яшчэ ў дзяцінстве. Успомніце, вас навучалі бацькі, старэйшыя браты і сёстры, вашы сябры. «Нічога складанага, садзіся і круці педалі», – казалі яны вам. Спачатку гэтая справа здавалася нездзяйсняльнай, але затым метр за метрам вы ўсё ж такі бралі сітуацыю пад свой кантроль і ехалі самастойна. Не ва ўсіх атрымлівалася адразу. Былі і падзенні, без якіх нельга, але вынік патрабаваў таго. Цікава, што ёсць сярод нас і тыя, хто ні разу ў жыцці не спрабаваў сябе ў якасці раварыста. А некаторыя людзі наогул ажыццяўляюць на ровары сусветныя падарожжы. Гэта, канешне, заслугоўвае павагі. Мяне больш кранае іншае: часам бачу на вуліцы, як ездзяць разам цэлыя сем’і. Таты і мамы на вялікіх горніках і іх дзеці на маленькіх трох- ці чатырохколавых. Адразу бачна, што ў гэтай сям’і поўнае ўзаемапаразуменне, гармонія, гэтыя людзі за здаровы лад жыцця. Ці ж гэта не прыклад для астатніх?
Зварот менавіта да ровара выкліканы яго невялікім памерам, даволі невысокім коштам (у параўнанні з такімі транспартнымі сродкамі як скутар, матацыкл, аўтамабіль), адсутнасцю патрэбы ў паліве, што мае яшчэ і важнае значэнне для навакольнага асяроддзя. Не выклікае цяжкасцей і эксплуатацыя ровараў. Пагадзіцеся, што станоўчыя моманты пераважаюць. Да адмоўных раварысты са стажам адносяць праблему пошуку і замены запчастак.
Жыхары нашага горада з ахвотай сядаюць на ровар. Ужо на працягу некалькіх месяцаў кожную нядзелю каля капліцы Еўфрасінні Полацкай можна назіраць групоўку раварыстаў, якія ладзяць сумесныя велапрабегі. Актыўная моладзь знаёміцца ў суполцы «Велосообщество Речицы», (www.vk.com/im#/velo_rechitsa) у сацыяльнай сетцы «УКантакце», там жа хлопцы і дзяўчаты выбіраюць маршруты і вызначаюць дату збору. Ідэйнымі натхняльнікамі руху выступілі Дзмітрый Багіраў, Віктар Ярмоленка і Максім Цітавец. Галоўнай мэтай такіх збораў з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця.
«На апошняй сустрэчы нас было 36 чалавек, спадзяюся, што да наступнага сезона будзе яшчэ больш. Узрост удзельнакаў для нас не мае значэння, мы заўсёды рады бачыць новых аднадумцаў. Запрашаем усіх жадаючых», – распавядае Максім Цітавец.
Нельга не ўзгадаць і той факт, што карыстанне роварам патрабуе асаблівай увагі на дарозе, абавязковае веданне і выкананне правілаў дарожнага руху.
Канешне, нашай краіне яшчэ далёка да сусветна вядомай Галандыі, дзе больш за 90% насельніцтва карыстаецца гэтым відам транспарту, але ўмовы для таго паступова паляпшаюцца: ствараюцца веладарожкі, месцы для паркоўкі. Адным словам, мы на правільным шляху, у накірунку да здароўя. Далучайцеся да рэчыцкай веласупольнасці і вы!
Ніка ЦІШКЕВІЧ,
студэнтка Гомельскага
дзяржуніверсітэта
імя Ф. Скарыны

"Дняпровец"


Вернуться назад