Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Парадаваў год ураджаем


Парадаваў год ураджаем


18 августа 2014. Разместил: admin

Усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна амаль разам скончылі жніво. Сёлетнія вынікі ўборачнай кампаніі, шчыра кажучы, парадавалі ўсіх. Некаторыя гаспадаркі ўзялі небывалы вал збожжа, можна сказаць, за ўсю гісторыю існавання. Раён таксама мае сёлета небывалы ўраджай – 132 111 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці ў 40,3 цэнтнера з гектара. Гэта найлепшы вынік у вобласці. Нагадаем, што гэта найвялікшы раённы намалот за ўсё існаванне сельскай гаспадаркі. Адным з ураджайных быў 2008 год. Тады ў раённы каравай гаспадаркі намалацілі крыху больш за 120 тысяч тон. Ну і летась раён меў 82,6 тысячы тон збожжа. Сёлетні ж намалот – сапраўднае дасягненне нашых аграрыяў.

Свой нямалы ўклад у агульнараённы каравай унесла і КСУП “21 з’езд КПСС”. Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Міхалка, сёлета тут з 2 572 гектараў, занятых зерневымі культурамі, намалочана 11 223 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасці ў 43,6 цэнтнера на круг. Такім чынам гаспадарка па валу зерня знаходзіцца на чацвёртым месцы, а па ўраджайнасці – на трэцім.
– Гэта небывалы ўраджай. Летась мы намалацілі ўсяго
6 890 тон збожжа. Ды і ўвогуле, я за ўсе пяць гадоў, што працую ў гаспадарцы, такога валу і ўраджайнасці не памятаю. Гэта сапраўднае дасягненне і доказ таму, што агранамічная служба спрацавала восенню і вясной на належным узроўні і граматна. Ды і камбайнеры з вадзіцелямі і трактарыстамі, занятымі на адвозцы, не падвялі – адпрацавалі дружна, у сціслыя тэрміны і амаль без страт. Усе нашы хлебаробы не згубілі вытрымку ў гэты напружаны час. А адсюль і такі радасна-хвалюючы вынік.
Не без гонару Сяргей Уладзіміравіч называе прозвішчы сёлетніх герояў жніва. Тысячную рысу намалотаў перасягнулі экіпажы камбайнаў “Лексіён-580” у складзе Аляксея Ярца і Васіля Дораха, якія з 657,4 гектара намалацілі 2 832,8 тоны збожжа – гэта трэці вынік сярод экіпажаў-тысячнікаў у раёне, “КЗС-1218” у складзе Анатоля Краўчанкі і Дзмітрыя Сідарэнкі – 1 864 тоны і такога ж камбайна ў складзе Дзмітрыя Тарасенкі і Леаніда Тураўца. У дзясятку лідараў раёна па адвозцы зерня ад камбайнаў трапіў і вадзіцель Васіль Блізнец, які аўтамабілем “МАЗ-5551” перавёз 2 583,6 тоны збожжа – гэта дзявяты радок у табліцы.
– Дзяржзаказ па збожжу мы поўнасцю выканалі. Сёлета нам быў даведзены план толькі па рапсу. Частка ж намалочанага зерня каласавых культур пойдзе на разлікі з запазычанасцямі, частку будзем здаваць на Калінкавіцкі камбінат хлебапрадуктаў. Акрамя таго, дастатковую колькасць пакідаем на насенны фонд, а таксама для сваіх патрэб, у прыватнасці, для вырабу камбікорму для жывёлагадоўлі, і пэўную частку будзем рэалізоўваць на працягу года. Не пакідаем мы без увагі і салому. Зараз механізатары яе прасуюць і адвозяць на тэрыторыю ферм, дзе яна скірдуецца на захоўванне для далейшага выкарыстання ў жывёлагадоўлі, – паведаміў Сяргей Міхалка.


Механізатар Алег Новік

Як вядома, завяршэнне жніва не азначае, што аграрыям можна расслабіцца. Наадварот, клопатаў у вясковай працы не меншае. Вось і ў “21 з’ездзе КПСС” работа не перастае кіпець. Зараз тут рыхтуецца глеба пад азімую сяўбу рапсу. Гэтай справай займаецца вопытны механізатар, яшчэ некалькі дзён таму камбайнер, Аляксандр Ладзік. Пачынаецца ўнясенне ўгнаенняў пад азімыя каласавыя, сяўба траў. У хуткім часе пачнецца ўборка сланечніка, соі, грэчкі, проса. Ну і яшчэ адна, можна сказаць, не менш адказная пара – уборка кукурузы. Праўда, як прызнаўся Сяргей Уладзіміравіч, на каралеву палёў сёлета вялікіх надзей няма. Сказаліся веснавыя замаразкі, у час якіх яна падмерзла, і летняя спёка, якая вельмі добра пасадзейнічала правядзенню ўборачнай кампаніі, аднак падпаліла некаторыя ўчасткі з кукурузай. Таму асноўная яе частка пойдзе на сілас. На зерне ж яна будзе ўбірацца выбарачна, на лепшых участках. А там ужо і ўборка другога хлеба – бульбы – не за гарамі. Пад ёй занята 32 гектары.
Што ж датычыцца сяўбы азімых, то ў гаспадарцы на гэтыя культуры робіцца асноўная стаўка. І гэта нядзіўна, бо менавіта азімыя пшаніца і трыцікале сёлета далі найлепшую ўраджайнасць – 47,7 і 50,4 цэнтнера з гектара адпаведна. Таму ўвосень гаспадарка плануе засеяць азімым клінам каля 1 600 гектараў плошчаў і ў асноўным гэтымі культурамі. Разам з тым 400 гектараў будзе занята пад рапсам.
Акрамя ўсяго працягваецца нарыхтоўка кармоў. На сённяшні дзень гаспадарка залажыла ў ямы 11 тысяч тон сенажу і назапасіла каля 650 тон сена.
Што ж, хлебаробы КСУП “21 з’езд КПСС” сапраўды правялі сёлетняе жніво на належным узроўні і дастойна, і зараз гаспадарка з зернем. І, што немалаважна, адна з задач на сёння і бліжэйшы час тут – якасна захаваць ураджай, каб не згубіць вырашчанае, і, як вынік, грошы, якія можна атрымаць ад яго рэалізацыі і сэканоміць на вырабе свайго камбікорму. Зараз для гаспадаркі важныя кожная капейка, кожны рубель. Бо час на месцы не стаіць і патрабуе ісці з ім у нагу, мадэрнізіравацца і адпавядаць патрабаванням сучаснасці. Таксама будзем спадзявацца, што дзякуючы граматным дзеянням агранамічнай службы, з выкананнем усіх тэхналогій вырошчвання азімая сяўба тут пройдзе на ўзроўні, і жніво-2015 зноў парадуе хлебаробаў яшчэ большым ураджаем. Тым больш, што, як паказаў сёлетні год, у гаспадарцы для гэтага рэзервы ёсць.
Дзмітрый БЯЛЬКО

Алег Новік, механізатар аддзялення “Ліскі”:
– У гаспадарцы я з 1998 года, з перапынкам на службу ва Узброеных Сілах. На трактары, на якім працую зараз, МТЗ-920 – з 2002 года. Менавіта тады я яго атрымаў новы. За ўвесь гэты час мой сталёвы конь мяне ні разу не падводзіў. Хаця і дастаецца яму нямала – я на ім займаюся пасадкай, апрацоўкай і ўборкай бульбы, а ў час уборачнай і пасля яе, як і зараз, – прасаваннем саломы. Лічу, што калі хочаш, каб тэхніка працавала спраўна, то і падыход да яе павінен быць належны. Таму і імкнуся свайго кармільца заўсёды трымаць у чысціні, праводзіць яму своечасова абслугоўванне. І трактар нібы адчувае павышаную ўвагу да сябе.
Фота аўтара

www.belta.by


Вернуться назад