Першынство Беларусі па армрэслінгу сярод юнакоў і дзяўчат 1998 года нараджэння і маладзейшых прайшло ў сталічным Палацы спорту. У спаборніцтвах узялі ўдзел каля сотні спартоўцаў з усіх абласцей і Мінска. Дзевяць удзельнікаў прадстаўлялі ДЮСШ № 1 Рэчыцкага раёна, сямёра з іх былі ўключаныя ў склад зборнай Гомельскай вобласці.
Зборная Гомельшчыны заняла першае агульнакаманднае месца на першынстве краіны, а каманда ДЮСШ № 1 Рэчыцкага раёна стала пераможцам сярод калектываў фізічнай культуры, спортклубаў і спортшкол.
Пераможцаў і прызёраў змагання вызначалі паводле сумы ачкоў, набраных у барацьбе на правую і левую руку. Рэчыцкія спартоўцы паказалі выключна высокія вынікі ў асабістым заліку. Сярод дзяўчат перамогу святкавалі Наталля Лапко ў вагавай катэгорыі 50 кг, Вікторыя Ісакава – у вагавай катэгорыі 60 кг і Уладзя Саўчанка – у катэгорыі звыш за 60 кг. Дарэчы, Уладзя ўпершыню выступала на спаборніцтвах такога ўзроўню, акрамя армрэслінга яна яшчэ займаецца і баскетболам у вядомага трэнера Аляксандра Верхатурава ў СДЮСШАР.